Чыноўнікі пакажуць у Лідзе чацвёртае вымярэнне спорту

Жыхары Ліды чакаюць з'яўлення ў горадзе першага 3D-кінатэатра. Пасля поспеху сталічнага кінатэатра "Кіеў" гарадскія ўлады заявілі пра магчымасць узвядзення аналагічнага аб'екта ў рамках падрыхтоўкі да рэспубліканскага свята "Дажынкі".

Аднак, як стала вядома парталу TUT.BY, у спісе святочных новабудоўляў 3D-кінатэатр не значыцца. Затое ёсць лёдавы палац, амфітэатр, лыжаролерная траса, а таксама спартовы комплекс для гульнявых відаў спорту. Такім чынам, замест кінематаграфічнага 3D жыхары Ліды атрымаюць спартовае 4D.

На лідскія спартовыя аб'екты дзяржава плануе выдаткаваць больш 80 мільярдаў рублёў (каля 28 мільёнаў даляраў). Характэрна, што лёдавы палац вырасце ў Лідзе дзякуючы сумесным высілкам банкаў і рэспубліканскага бюджэту. Пакінутыя спартовыя аб'екты разлічваюць вылучна на крэдыты банкаўскага сектара краіны.

Што да культурнай часткі падрыхтоўкі да штогадовага свята, то пакуль афіцыйны спіс паказвае толькі на рэстаўрацыю Лідскага замка з добраўпарадкаваннем тэрыторыі і зносам жылых хат. На духоўнасць з абласнога бюджэту будзе вылучана 23,5 мільярда рублёў.

Службоўцы не выключаюць, што фінальны спіс святочных аб'ектаў будзе пашыраны. Магчыма, у фінальны каштарыс будзе занесены чаканы ў Лідзе першы 3D-кінатэатр. Аднак на дадзены момант будаўніцтва аб'екта масавай культуры выглядае нелагічным на фоне фундаментальных спартовых і культурных будоўляў.

Святлана Блажэй, TUT.BY









© mflida.org 2006-2009 . Пры выкарыстаньні матэрыялаў з сайту спасылка абавязкова. Праграмаваньне і дызайн Ili4. Сайт створаны пры падтрымцы belmov.org. Працуе пад кіраваньнем WCPS
Працуе пад кіраваньнем WebCodePortalSystem v. 3.6

Старонка згэнэравана за 0.244 сэк..