Графіці. Сродак барацьбы, мастацкая творчасьць ці непатрэбны няўдзячны вандалізм?
Графіці — варта адразу зазначыць — ня лепшы сродак барацьбы. Вялікую частку насельніцтва раздражняюць падобныя надпісы. Канешне, нязграбнымі літарамі на сьметніцы ці ля сьметніку павагі ня выклічаш. Таму, калі вырашылі маляваць — малюйце прыгожа! Але ня варта паганіць акуратныя чысьцюткія будынкі. У нас хапае недафарбаваных. Далёка не заўсёды, але часам зьяўленьне графіці на старым абшарпаным будынкуплоце вымушае ўладу перафарбаваць гэты аб’ект цалкам. Некаторыя людзі пабачаць вашу творчасьць, а праз нейкі час у горадзе стане на адзін абшарпаны будынак менш=). Гэта таксама станоўчыя наступствы графіці.
Разам з тым графіці — адзін з самых эфэктыўных спосабаў данясеньня інфармацыі да людзей. Але, яшчэ раз падкрэсьлю, прыгожыя графіці. Пажадана некалькі разнастайных у адным месцы (не побач на адным плоце, канешне, а на адлегласьці мэтраў пяцідзесяці-ста), каб звычайныя мінакі, шпацыруючы, ідучы на працу заўважалі адзін надпіс, затым другі, трэці.
Варта зьвярнуць увагу на наступныя пункты:
! ) Надпіс, малюнак мусіць быць зразумелым насельніцтву
Ня ўсе разумеюць, што такое МФ, таму пішыце падрабязна. Што казаць, у нашай краіне нават ACAB ня дужа шмат людзей правільна расшыфроўваюць.
! ) не дапушчальна, каб графіці псавала маёмасьць насельніцтва, гэты выкліча вялікі негатыў (пачнуцца размовы з суседзямісваякам, кшталту “вось, размалявалі мне машыну (плот ля хаты) ідыёты!”). Не кранайце платы прыватных дамоў, машыны.
Старайцеся каб літары былі прыгожыя, роўныя, кантрасныя. Кепска, калі пачатак слова і канец знаходзяцца не на адным узроўні, касыя, хуліганскія надпісы вельмі не падабаюцца людзям. Калі ўжо вырашылі гэтым займацца, займайцеся прафэсыйна. Малюйце хутка, але акуратна, не бойцеся, не хвалюйцеся падчас маляваньня — вы змагаецеся з дыктатурай, гэта вайна, а на вайне сродкі бываюць розныя.
Шкада будынкаў, сьценаў? Пашкадуйце насельніцтва, што жыве ў няведаньні. Ва ўмовах існаваньня выключна дзяржаўнага тэлебачаньня, радыё ды газэтаў, нам застаюцца інтэрнэт, свае незалежныя газэты ўлёткі, налепкі ды графіці, каб прыцягнуць увагу, праінфармаваць грамадзтва.
Галоўнае, памятайце: некалькі малюнкаў на невялікіх адлегласьцях ствараюць моцнае ўражаньне. Камбінацыя сродкаў інфармаваньня дае значна большы плён, чым нешта адзінае. Выкарыстоўвайце таксама ўсемажлівыя (але дарэчныя) ўлёткі, газэты, налепкі.
Графіці гэта ня толькі надпісы. Лепш нават сказаць, што звычайны надпіс — гэта не графіці. Старайцеся ствараць прыгожыя “бомбы” — па-мастацку маляваныя літары, малюнкі, выкарыстоўвайце трафарэты.
Так, ня ўсе добра ставяцца да графіці, лічачы гэта непатрэбным вандалізмам, але да прыгожага, напрыклад, пад трафарэт зробленага ў дарэчным месцы малюнку, які нікому не шкодзіць, нават непрыхільнікі падобных сродкаў ставяцца з павагаю.
Якасьць вашай працы дасьць плён. Посьпехаў!
Яська-гаспадар з-пад Ліды