Дашкевіч пра беларуска-эўрапейскі дыялёг


Мінула амаль два месяцы, як Эўрапейскі Зьвяз спыніў дзеяньне санкцыяў у дачыненьні да Лукашэнкі і іншых чыноўнікаў беларускага рэжыму, распачаўшы гэтым новы этап беларуска-эўрапейскіх дачыненьняў пад умоўнаю назваю – “дыялёг”. З 13 па 16 лістапада адбыўся ХІ Менскі форум, які стаўся своеасаблівай квінтэсэнцыя гэтага самага “дыялёгу”, па завяршэньні пакінуўшы, аднак, болей пытаньняў, чым адказаў. Піша лідэр Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч.


Дыялёг


Па-першае, аналізуючы нешта, нам трэба найперш даць характарыстыку панятку, які гэтае нешта азначае. “Дыялёг” (грэц. dialogos) у вуснай мове – моўная камунікацыя пасродкам абмену рэплікамі, у грамадзка-палітычным значэньні гэтага слова – камунікацыя пасродкам саступак палітычных апанэнтаў адно аднаму, то бак крокамі насустрач. Крокамі, якія ўвасабляюць канкрэтнае дзеяньне.

Адбыўся, да прыкладу, дыялёг паміж кобрынскімі маладафронтаўцамі і мясцовай філіяй БРСМу. Кіраўнікі структураў, не зважаючы на ідэалягічныя супярэчнасьці, вырашылі сумеснымі сіламі праводзіць беларусізацыю Кобрына. Гэта ёсьць дыялёг. Гэта ёсьць канкрэтны вынік. Альбо прыгадаем дыялёг між ідэолягам Праляскоўскім і рок-музыкамі. Колькі дзідаў паламалі аналітыкі, камэнтуючы гэтую падзею, але мы маем таксама канкрэтны вынік – забароненую раней альтэрнатыўную музыку круцяць ад менскага мэтрапалітэну да дзяржаўнага радыё. Зважаючы ж на тое, што палову моладзі далучылася да нацыянальна-дэмакратычнага руху праз беларускамоўны рок, пераацаніць важкасьць гэтага дыялёгу цяжка.

З усяго ж таго, што было агучана на Менскім форуме эўрапейскімі чыноўнікамі, можна зрабіць выснову, што “беларуска-эўрапейскі дыялёг” заснаваны на простым да слёз: “Лукашэнка нам паабяцаў”.

Але калі мы гаворым аб палітычным дыялёгу, нас цікавяць не пустыя словы ды абяцаньні, а дзеяньні. Якія ж крокі насустрач у камунікацыі палітычных апанэнтаў зрабіў беларускі рэжым? Можа ў Беларусі нарэшце былі праведзеныя вольныя і дэмакратычныя выбары? Ды не, як і мінулыя беларускія “плебісцыты”, апошняе “волевыяўленьне” беларускага народу не прызнана ніводнай цывілізаванай краінай сьвету. Калі і назіраўся тут які прагрэс, дык толькі прагрэс экс-невыязной Лідзіі Ярмошынай, якая ўдасканаліла працу ЦВК – “выбары” 2004 году былі праведзеныя ў адзін тур ў 109 акругах са 110, а ўжо “выбары” 2008 адным турам прайшлі ва ўсіх 110 са 110.

У чым жа тады сутнасьць беларуска-эўрапейскага дыялёгу? Можа ў тым, што ў Беларусі вырашана праблема са свабодаю слова? Таксама – не, паводле міжнароднай журналісцкай арганізацыі “Рэпарцёры бязь межаў”, Беларусь у рэйтынгу свабоды слова апусьцілася з 151-га месца ў 2007 годзе на 154 у 2008-м.

А можа беларуска-эўрапейскі дыялёг грунтуецца на тым, што ў Беларусі спынены перасьлед за іншадумства? Ужо і сорамна гаварыць, але ізноў – не. Антыканстытуцыйны артыкул 193-1 КК РБ, паводле якога асудзілі чатырох актывістаў “Партнэрства” і больш дзесяці маладафронтаўцаў, працягвае дзейнічаць і стаяць на варце беларускай “законнасьці”. Паводле яго спэцслужбы спрабуюць і далей запужваць грамадзтва, ім і далей працягваюць пагражаць маладафронтаўцам, выклікаючы іх на допыты. А каб справаводзтва па гэтым артыкуле не спынялася, Мінюст адмаўляе дэмакратычным арганізацыям у рэгістрацыі.

А што калі сутнасьць беларуска-эўрапейскага дыялёгу палягае ў скасаваньні на Беларусі “інстытута палітзьняволеных”? Эўрапейцы сьведчаць нам аб гэтым ў адзін голас! Старшыня ХІ Менскага форуму, Райнэр Ліндэр, адкрываючы дадзенае мерапрыемства, так і заявіў: “У Беларусі, – гаворыць, – упершыню за часы правядзеньня Менскага форуму, няма палітвязьняў”. No comets, што называецца. Вельмі дзіўным толькі падаецца, што забываюцца (?) эўрачыноўнікі на справу “14”, па якой моладзь была асуджана да такой жа формы абмежаваньня волі, як у недалёкім мінулым Павал Мажэйка і Віктар Івашкевіч, Павал Севярынец і Мікалай Статкевіч, адным з апошніх – Артур Фінькевіч. Усіх іх міжнародная супольнасьць лічыла палітвязьнямі. Чаму ж моладзевыя актывісты, асуджаныя за мірную акцыю пратэсту, уключна са зьняволеным цяпер Аляксандрам Баразенкам, ня лічацца палітвязьнямі? Што гэта, абсурднасьць ці прагматычны цынізм? Хочацца спадзявацца, што недакладныя зьвесткі.

Вось вам, што называецца, і адказ гаранта канстытуцыі на адмену эўрапейскіх санкцыяў – яшчэ не лібэралізацыя грамадзка-палітычнага жыцьця, але ўжо абяцаньні. Аднак, падкажам, гэта падобна болей на аднабаковы маналёг Эўропы, а не дыялёг двух зацікаўленых бакоў. Калі я раблю крокі насустрач свайму ворагу, а той корміць мяне пустымі абяцаньнямі, я не вяду дыялёг – я здаюся ў палон.

Што ж рабіць?

Разважаць цяпер аб мэтазгоднасьці, альбо немэтазгоднасьці беларуска-эўрапейскага дыялёгу, прабачце за калямбур, але немэтазгодна. Хаця б таму, што дыялёг гэты ўжо вядзецца. Незалежнаму ж беларускаму грамадзтву неабходна сфармаваць патрабаваньні да беларускіх і эўрапейскіх палітыкаў, якія гэты “дыялёг” актыўна лабіруюць. Гэтыя патрабаваньні мусяць палягаць найперш у вырашэньні галоўных праблемаў беларускага грамадзтва, разьвіцьцё якога спыняе – адсутнасьць свабоды слова і перасьлед тых, хто гэтаю свабодаю ўсё ж імкнецца скарыстацца.

Таму мы мусім патрабаваць ад уладаў і прыхільнікаў дыялёгу з рэжымам Лукашэнкі, па-першае, – роўных умоваў для друку і распаўсюду незалежных СМІ – Нашай Нівы, Народнай Волі, рэгіянальных выданьняў, што знаходзяцца пад перасьледам. Па-другое, мы мусім патрабаваць поўнага апраўданьня і вызваленьня ўсіх палітвязьняў. Гавару “апраўданьня”, бо толькі рэабілітацыя палітвязьняў дазволіць спыніць існаваньне “інстытуту палітзьняволеных” як такога. Без адмены абвінаваўчых прысудаў беларускі рэжым будзе заўсёды гаварыць што “ў Беларусі няма і не было палітвязьняў” (цытата паводле кіраўніка адміністрацыі Лукашэкі, удзельніка Менсакга форуму – Макея). А калі няма і не было – ў любы момант чакайце новых. Па-трэцяе, мы мусім патрабаваць спыненьня крымінальнага перасьледу за дзейнасьць незарэгістраваных аб’яднаньняў і рэгістрацыі Мінюстам арганізацыяў якія на тое прэтэндуюць.

Калі гэтыя асноўныя, і мінімальныя патрабаваньні ня будуць выкананыя, прыхільнікам гэтак званага “дыялёгу” прыйдзецца прыдумаць новую назву макаронным вырабам, якія сёньня называюцца: “Лукашэнка нам паабяцаў”. Аднак згодныя спажываць такую страву могуць ужо і не знайсьціся.

Малады Фронт









© mflida.org 2006-2009 . Пры выкарыстаньні матэрыялаў з сайту спасылка абавязкова. Праграмаваньне і дызайн Ili4. Сайт створаны пры падтрымцы belmov.org. Працуе пад кіраваньнем WCPS
Працуе пад кіраваньнем WebCodePortalSystem v. 3.6

Старонка згэнэравана за 0.051 сэк..